Забастоўшчыкаў з БТ заменяць работнікі «Раша Тудэй»?
Пакуль некаторыя супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі працягваюць баставаць, з’явілася інфармацыя пра тое, што ўсім, хто не будзе выходзіць на працу, кіраўніцтва хутка знойдзе замену.
У прыватнасці, частку тэхнічных спецыялістаў, адказных за выпуск навін, могуць замяніць на каманду з работнікаў з Расіі. Пра гэта “Нашай Ніве” ананімна паведаміў адзін з супрацоўнікаў “Белтэлерадыёкампаніі”.
- Нам адразу казалі – бастуйце, але вам на замену знойдзецца аўтобус кваліфікаваных кадраў з Расіі. Спачатку ніхто ў гэта не верыў, але ўчора ўвечары ў сценах кампаніі сапраўды з’явіліся новыя, чужыя людзі, якім пачалі паказваць, як там усё працуе. Сярод нашых супрацоўнікаў пачалі абмяркоўваць, што ў першую чаргу заменяць рускімі тых, хто працуе з палітычнымі навінамі, займаецца агітацыяй, каб не было рызыкі, што важная інфармацыя не дойдзе да гледачоў. Кажуць, што тым, хто прыедзе, прапаноўваюць тут добрыя грошы.
“Наша Ніва” цяпер спраўджвае гэтую інфармацыю ў прэс-службе "Белтэлерадыёкампаніі" і ў журналістаў расійскіх выданняў, якіх заўважылі ў сценах “Белтэлерадыёкампаніі”.